Беларуская Служба

Жанчыны адыгрываюць важную ролю ў працэсах пасляваеннага сацыяльнага прымірэння

29.10.2024 14:11
24 кастрычніка 2024 г. у Кракаве ў 21-ы раз адбылася ўрачыстасць уручэнне польскай прэміі Вярхоўнага камісара ААН па правах чалавека імя Сержыу Віейра дэ Мелу.
Аўдыё
  • Уручэнне польскай прэміі Вярхоўнага камісара ААН па правах чалавека
Урачыстасць уручэння польскай прэміі Вярхоўнага камісара ААН па правах чалавека імя Сержыу Віейра ды МелаIryna Zawisza/Polskie Radio dla Zagranicy

Прэмія імя Сержыу Віейра дэ Мелу была заснаваная ў 2003 годзе асацыяцыяй Villa Decius. Яна прысуджаецца асобам і няўрадавым арганізацыям за дзейнасць, накіраваную на абарону і папулярызацыю правоў чалавека, мірнага суіснавання ды супрацоўніцтва грамадстваў, рэлігій і культур.

Сержыу Віейра дэ Мелу быў камісарам ААН па справах бежанцаў. Ён займаўся абаронай правоў чалавека, міжкультурным дыялогам, барацьбой з тэрарызмам і крызісам бежанцаў, сачыў за выкананнем міжнароднага права. Ён загінуў у Багдадзе падчас міратворчай місіі.


Урачыстасць уручэння польскай прэміі Вярхоўнага камісара ААН па правах чалавека імя Сержыу Віейра ды Мела Урачыстасць уручэння польскай прэміі Вярхоўнага камісара ААН па правах чалавека імя Сержыу Віейра ды Мела

Сёлетняя прэмія мела выразна «жаночы» характар, але гэта не было запланавана, сказала дырэктарка Villa Decius Дамініка Каспровіч

− У гэтым годзе ў журы прэміі імя Сержыу Віейра дэ Мелу паступіла непараўнальна вялікая колькасць заявак. Журы давялося рабіць цяжкі выбар паміж кандыдатамі з усяго свету. У выніку ўзнагароды ўручаныя жанчынам ды няўрадавай арганізацыі, якую стварыла ды кіруе жанчына. Гэта не спецыяльна, проста сведчанне важнасці той ролі, якую жанчыны адыгрываюць у працэсах сацыяльнага прымірэння ды адраджэння грамадства, асабліва ў раёнах ваенных дзеянняў. Важны момант, прэмія скіраваная на людзей, якія дзейнічаюць у імя адбудовы мірнага суіснавання народаў, рэлігіі ды культур. Яна прызнаецца людзям з раёнаў, дзе вайна завяршылася, і дзе яшчэ працягваецца, як Украіна. Людзі, якія ў такіх складаных умовах – пад абстрэлам ды акупацыяй імкнуцца дзейнічаць у імя міра, заслугоўваюць на нашу пашану. Гэта адно з тлумачэнняў рашэння журы ў гэтым годзе па прызнанні ўзнагарод.

Марсэліна Будза з Дэмакратычнай Рэспублікі Конга, адзначаная ў намінацыі «Асоба», не змагла асабіста прыехаць у Польшчу, але даслала відэазапіс са словамі падзякі.

− За апошнія дзесяцігоддзі чалавецтва стала сведкам злачынстваў і зверстваў, якія не паддаюцца ніякай логіцы і нават здароваму сэнсу. Найбольш выключнымі, бесчалавечнымі і неапраўданымі з'яўляюцца тыя, якія накіраваны супраць працаўнікоў добрай волі Арганізацыі Аб'яднаных Нацый, якія шукалі вырашэння крызісаў, але сталі ахвярамі варварства. Тут мы асабліва маем на ўвазе Сержыу Віейра дэ Мелу, які разам са сваёй камандай быў баязліва забіты падчас службы ў Іраку. Для мяне вялікі гонар стаяць перад вамі, каб падзякаваць вам з нагоды афіцыйнага ўручэння польскай прэміі Сержыу Віейра дэ Мелу, якую прысуджаюць Асацыяцыя Villa Decius і журы ўзнагароды. Выбар і прызнанне, якім вы ўганаравалі маю сціплую асобы, дазваляюць пачуць не толькі мой голас, але і галасы тых, хто забыты ў нашым грамадстве, асабліва жанчын. Мяне завуць Марсэліна Будза, я феміністка і праваабаронца, кангалезскай нацыянальнасці, якую французскія журналісты часам некалькі перабольшана называюць «Сонцам Усходы», за мой унёсак - хоць і мінімальны - у барацьбу з сацыяльна-эканамічным гвалтам, якому падвяргаюцца жанчыны на ўсходзе Дэмакратычнай Рэспублікі Конга.


Марсэліна Будза з Дэмакратычнай Рэспублікі Конга Марсэліна Будза з Дэмакратычнай Рэспублікі Конга

У намінацыі «Няўрадавая арганізацыя» ўзнагарода дасталася арганізацыі прававой дапамогі AGHS з Пакістана. Вердыкт журы растлумачыў першы саветнік Міністэрства замежных спраў Рэспублікі Польшча Ян Собчак.

− Узнагароду з Пакістана атрымала грамадская арганізацыя. Гэта група прававой дапамогі Асмы Яхангі. Гэта вядомая праваабаронца, якая заснавала гэтую  арганізацыю ў 1980-м годзе. Арганізацыя займаецца аказаннем бясплатнай прававой дапамогі пакрыўджаным асобам, у першую чаргу жанчынам, дзецям, прадстаўнікам меншасцяў у Пакістане. Арганізацыя мае вельмі добрыя вынікі. У 2022-м годзе яны змаглі вызваліць пад залог з турмаў 300 чалавек. Яшчэ гэтая арганізацыя стала першай ініцыятывай, якая выступіла супраць так званых «забойстваў у імя гонару» жанчын і дзяўчат. Арганізацыя бароніць людзей, якім у Пакістане пагражае смяротнае пакаранне за абразу рэлігійных пачуццяў, абаронай людзей, якіх судзяць вайсковыя трыбуналы, ахвяр катаванняў ды нелегальных арыштаў. Ініцыятыва прадстаўляе інтарэсы сем’яў зніклых людзей з палітычных прычын. Арганізацыя выступіла ініцыятарам кампаніі па ўшанаванні правоў чалавека ў Пакістане, прычынілася да стварэння арганізацыі «Азіяты Поўдня ў абарону правоў чалавека».

Цяпер час арганізацыю ўзначальвае выканаўчая дырэктарка Ніда Алі, адвакат Вярхоўнага суда Пакістана з 2018 года. Менавіта яна ад імя арганізацыі AGHS атрымала Прэмію імя Сержыу Віейра дэ Мелу.

− Вялікі дзякуй за гэтую ўзнагароду. Я вельмі кранутая прызнаннем нашай працы. У нас шмат працы ў Пакістане, мы аказваем прававую дапамогу тысячам дарослых, дзяцей і прадстаўнікоў рэлігійных меншасцяў. Польская ўзнагарода за працу, якую мы там робім, для нас вельмі шмат значыць. Гэтае прызнанне матывуе нас да далейшых дзеянняў. Мяне перапаўняе гонар, што наша праца ў далёкім Пакістане атрымлівае польскую ўзнагароду. Мы ўсе вельмі шчаслівыя і кранутыя. Для нас гэта вялікі гонар.


Выканаўчая дырэктарка AGHS Ніда Алі Выканаўчая дырэктарка AGHS Ніда Алі

Уладальнікам Ганаровай узнагароды на гэты раз стала ўрач-педыятр-нефролаг Нацыянальнай спецыялізаванай дзіцячай бальніцы «Ахмадэт» г. Кіева Святлана Лукіянчук. 8 ліпеня 2024 года падчас расійскага ракетнага абстрэлу Кіева Святлана Лукіянчук была на змене ў шпіталі «Ахмадэт». Калі прагучалі сірэны трывогі, некаторых дзяцей перавялі ў сховішча ў падвале бальніцы, а іншыя ўсё яшчэ знаходзіліся ў дыялізным пакоі. Лукіянчук засталася там, дзе пяцярых дзяцей былі падключаныя да дыялізатараў, іх не можна было перанесці ў сховішча. Нягледзячы на небяспеку, пра якую сведчыла трасенне грунту, выкліканая выбухамі расійскіх ракет, Лук'янчук засталася з маленькімі пацыентамі, каб пераканацца, што выратавальнае лячэнне - дыяліз - можа працягвацца. Адна з ракет трапіла ў шпіталь, разбіўшы вокны дыялізнага цэнтру і забіўшы Святлану Лукіянчук.

Статуэтку і дыплом для Святланы атрымала ейная цётка Таццяна Жэрбецкая, якая апекавалася ёй, бо Святлана рана засталася сіратой. Узнагарода выклікала вялікія эмоцыі, прызналася Таццяна.

− Па-першае, гэта даніна памяці майму памерламу дзіцяці. Хацелася б, каб яна атрымала гэтую ўзнагароду асабіста, каб яна не была пасмяротнай. Гэта будзе памяць для нас, нашым дзецям і ўнукам. Святлана не баялася ракет, як кожны чалавек, але перш за ўсё думала пра дзяцей, якіх трэба ратаваць. На жаль, яе жыццё забрала расійская ракета. Я ёй цётка, але я яе выгадавала, яна называла мяне мамай. А я заўсёды казаў, што ў мяне дзве дачкі, мае дзве прыгажуні...

Дачка Таццяны Марына Муха дадала, што будзе заўсёды памятаць пра Святлану.

− Я Святлане стрыечная сястра, але мы раслі як сёстры. Для мяне Святлана была даражэй за ўсё. Расійская ракета забрала самае прыгожае ў нашай сям'і. Нас было трое — маці і мы, дзве сястры. Нас засталося двое. Мы гэтага не даруем. Гэты камень будзе важыць на нашых сэрцах усё жыццё. Гэты боль, гэтая рана ніколі не загоіцца. Кажуць, час лечыць, але не лечыць. Гэты камень заўсёды будзе з намі.


Таццяна Жэрбецкая з дачкой Марынай Таццяна Жэрбецкая з дачкой Марынай

На цырымоніі ў Кракаве прысутнічала доктарка са шпіталя «Ахмадэт» Анастасія Захарава, якая падзялілася з намі ўспамінамі пра калегу.

− Святлана была добрым, добрым чалавекам, добрым лекарам і надзейным сябрам. Яна была патрыёткай і хацела жыць ва Украіне. Пасля вучобы ў Кіеўскім медыцынскім універсітэце яна пачала працаваць у «Ахмадэт», спачатку інтэрнам педыятрычнага аддзялення, а затым працавала педыятрам. Праз некалькі гадоў яна атрымала спецыялізацыю па нефралогіі і адначасова працавала нефролагам. Я заўсёды буду памятаць яе, я заўсёды буду сумаваць па ёй. Яна заўсёды была даступная, каб параіць. Яна таксама была донарам крыві. Калі ракета трапіла ў наш аддзел... о, прабачце...

Анастасія проста не магла працягваць. Але ад яе скажу: Святлана Лук’янчук аддала людзям, дзецям не толькі сваю кроў, але і жыццё.

Гэта быў рэпартаж з 21-й цырымоніі ўручэння польскай прэміі імя Сержыу Віейра дэ Мелу Вярхоўнага камісара ААН па правах чалавека.

Ірына Завіша/юл